ПАЎНО́ЧНА-ЗАХО́ДНІ КРАЙ,
афіцыйная назва ў 19 — пач. 20 ст. тэр. Віленскай, Гродзенскай, Ковенскай (з 1842), Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай губ. Да 1840 гэтыя губерні падзяляліся на 2 групы — зах., ці беларускія (Віцебская, Магілёўская, Мінская), і паўн.-зах., ці літоўскія (Віленская, Гродзенская, Ковенская). 18.7.1840 Мікалай I выдаў указ, каб літоўскія і беларускія губ. «называлі ў далейшым кожную асобна». Аднак у справаводстве гэтыя 6 губерняў часта наз. П.-З.к. (у адрозненне ад Паўд.-Зах. краю — Кіеўскага ген.-губернатарства). У публіцыстыцы тэрмін «П.-З.к.» пачаў шырока ўжывацца пасля паўстання 1863—64. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 П.-З.к. называўся Паўн.-Зах. вобласцю. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 назва «П.-З.к.» перастала ўжывацца. На яго тэр. ўтвораны БССР, Літ. Рэспубліка, зах. частка краю (Заходняя Беларусь) адышла да Польшчы.
Літ.:
Рубинштейн С.Ф. Хронологический указатель указов и правительственных распоряжений по губерниям Западной России, Белоруссии и Малороссии за 240 лет с 1652 по 1892 г. Вильна, 1894;
Weeks T. Nation and State in late imperial Russia. Illinoys, 1996.
М.А.Сакалова.
т. 12, с. 214
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)